КО́САВА ПО́ЛЕ,

міжгорная катлавіна каля г. Прышціна ў былым аўт. краі Косава (Сербія), дзе 15.6.1389 адбылася вырашальная бітва паміж аб’яднаным войскам сербаў і баснійцаў пад камандаваннем сербскага кн. Лазара (15—20 тыс. чал.) і тур. арміяй султана Мурада I (27—30 тыс. чал.). Пасля ўпартых баёў, у ходзе якіх загінулі Мурад I і Лазар, перамаглі туркі. У выніку паражэння на К.п. Сербія стала васалам Турцыі (з 1459 у складзе Асманскай імперыі), сербы і інш. балк. народы трапілі пад тур. панаванне больш як на 400 гадоў. Бітва на К.п. адлюстравана ў сербскіх песнях, былінах і паданнях як адна з найб. трагічных і гераічных падзей у гісторыі сербаў. У кастр. 1448 на К.п. таксама пацярпела паражэнне венг. войска на чале з Я.Хуньядзі (разбіта тур. арміяй султана Мурада II).

т. 8, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)